|
|
| Лістапад 2008 | ||||||
| Пн | Ат | Ср | Чц | Пт | Сб | Нд |
| 27 | 28 | 29 | 30 | 31 | 1 | 2 |
| 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 |
| 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 |
| 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 |
| 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 |
|
|
Лістапад 2008 |
|
У мурожныя Біскупцы, да Дануты Бічэль
Сябры і прыхільнікі яе творчасці паехалі туды, каб прысутнічаць на прэзентацыі новай кнігі "Хадзі на мой голас".
"Праца настаўніцы беларускай мовы, музейнай збіральніцы, паэткі, як праца пастушкі ў дзяцінстве, – гэта ўсё дзейнасць грамадская. Поспех залежыць ад людзей, якія прыходзяць дапамагаць па добрай волі…" – гэта некалькі радкоў з прадмовы кнігі аўтаркі, беларускай паэткі Дануты Бічэль. І далей: "Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена".
На гэтым свяце была адчынена не толькі душа кнігі, але і ўсіх, хто прыехаў ў вёску Біскупцы, якая прытулілася каля цяпер ажыўленай трасы Гародня-Менск і якой не было, калі нарадзілася будучая паэтка Данута Бічэль. Быў гасцінец, які яшчэ не ведаў такой мітусні машын.Лепшай прэзентацыі і выдумаць было нельга, таму што ўсё тут лажылася як на душу кнігі, так і паэткі ды яе сяброў.
І яе родных, аднавяскоўцаў, якіх з кожным годам застаецца ўсё менш і менш. І новая кніга Дануты Янаўны, дарэчы, першая ў прозе, гэта паклон людзям, былым аднавяскоўцам, якіх яна вельмі любіла. І якія любілі яе. І любяць. Гэта помнік роду не толькі сваякоў, але роду і іншаму – творцаў. Тут сабраны ўспаміны пра Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Зоську Верас, Ларысу Геніюш, Наталлю Арсенневу і яшчэ шмат-шмат пра каго. Як сказала на сустрэчы сама Данута Янаўна, гэтай кніжкі магло б і не быць, каб не дапамога гарадзенскага Руху "За Свабоду" і, у прыватнасці, яго каардынатара Паўла Мажэйкі, які дапамагаў не толькі арганізацыйна, але і быў добрым дарадчыкам у састаўленні матэрыялу. І падштурхоўваў раз-пораз паэтку, каб тая не марудзіла, а пісала-пісала…Так з’яўляліся новыя раздзелы, так паступова – слова за словам – напаўнялася кніжка.
Павел Мажэйка, які разам з сябрамі арганізавалі незвычайную імпрэзу-прэзентацыю на радзіме Дануты Бічэль, зазначыў, што "гэта ўжо другая кніга серыі "Гарадзенскай бібліятэкі". Першая, як вядома, належала гісторыку Юрыю Гардзееву "Магдэбургская Гародня". Вельмі рады гэтай атмасферы, утульнасці, добразычлівасці ўсіх, хто наведаў сёння прэзентацыю. Яна і павінна такой быць – не шумнай, але сярод любімых і любячых людзей".
І сапраўды, якой бы поўнай ні была душа кніжкі, аднак душа прэзентацыі –імгнення жыцця – была напоўнена ўспамінамі, чытаннем вершаў і спевамі . Напрыклад, дваюрадная сястра Франя, якая, па словах Дануты Янаўны, была "лепшай яе сяброўкай у дзяцінстве і з якой можна было гаварыць не тоячыся", успомніла і іх дзіцячыя забавы, і высокую горку, з якой яны каталіся на санках. І першы верш пра яе, Франю, які ў гумарыстычнай форме напісала Данута. І які парвала на кусочкі Франя, спачатку пакрыўдзіўшыся. А родная сястра Дануты Янаўны – Рэня – нагадала першы верш паэткі, напісаны пра Біскупцы. Здзівілася яму і сама паэтка, бо пра яго ўжо і забылася:
Каб у стозе духмяным выспацца,
Я паеду ў мурожныя Біскупцы,
На прастор дываноў саматканых,
На прасторы палёў і курганаў…
А потым усе паехалі да хаткі Дануты Янаўны, дзе яна з’явілася на свет, дзе прайшлі яе дзіцячыя забавы і дзе нарадзіліся першыя радкі паэзіі. Хатка жыве, сюды калі-нікалі заглядваюць дзеці і зберагаюць полымя роду і яе душы, якая яшчэ поўніцца творчасцю. "Гэтая кніжка – яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў", – напісала яна. І сказала на родным падворку:
– Усё, што ёсць лепшага ўва мне, сфармавалася тут. Я тут збіралася, як чалавек, у гэтых кветачках і травах. А калі яшчэ не было аўтатрасы на Менск, лес быў прыгажэйшым, ён быў першародны. І была цішыня, баравічкі мы збіралі каля сваёй хаты. Тут было ўсё – ягады, грыбы і чысціня.. Усё гэта ва мне, я накармілася гэтым на ўсё жыццё.
- Вось жа гавораць: "поэт в России больше, чем поэт…" А хто паэт у Беларусі?
– Паэт у Беларусі паэт – калі сапраўдны. Ён можа напісаць болей ці меней, але ў любым месцы. Вышэй ці ніжэй. На жаль, сёння мала чытаюць паэзію, у нас мала чытачоў. У маім жыцці было так: я пісала вершы для некалькіх чалавек. У мяне былі Янка Брыль, Быкаў, Карпюк. І кожны меў сваю ацэнку. У мяне быў Рыгор Бярозкін – таленавіты крытык, забыты ўсімі. Ён выдатна адчуваў паэзію, ведаў сусветную літаратуру, якую вывучыў у ГУЛАГу. Мяне чыталі мае сябры, духоўныя сёстры, рэдактары…Я так жыла, і мне здавалася, што ўсё напісанае – для маіх знаёмых. Канешне ж, гэта было не так, чыталі і іншыя. Але мне было добра так думаць і я ведала, што яны ад мяне хочуць. І, канешне, пісала сама для сябе.
– Вы, гаворачы аб пражытым, не раз паўтарылі: "жыла ў цемры…"
– Цемра – гэта той быт, які шмат забіраў энергіі. Гэта бязвер’е, а Бог – гэта любоў. Цяпер вакол мяне шмат дабрыні, і сёння я плавала ў любові. Але і здзівілася, што мае любыя сёстры памятаюць вершы, якія пісала ў дзяцінстве і якія нават не ўвайшлі ў мае зборнікі. І расказалі прысутным шмат чаго, нават чаго я не ведала. Мне з Франяй, Францішкай, добра размаўлялася, а Рэня, старэйшая сястра, – гэта карэнні, глеба, на якіх трымаецца наш род.
– Вы па-ранейшаму лётаеце ў сне?
– Лётаю, усё жыццё мне здаецца, што я птах. Нават не ведаю, як гэта патлумачыць. І калі доўга гэтага не сню, здаецца, што ўжо вельмі старая, тады мне дрэнна. І раптам прысню, і тады ў мяне адчуванне чалавека, які ўзняўся высока-высока над зялёнай Зямлёй…
– Колькі добрых слоў было сказана пра вашу паэзію. Цікава, а хто ваш любімы паэт?
– Багдановіч!!! Хоць ён і не адзін. І ўвогуле цалкам нельга любіць паэзію аднаго чалавека. Мне падабаюцца апостал Павел, евангеліст Ян. Гэта вялікія паэты. А знайшла іх для сябе, калі аднойчы пачула па радыё "Сонечную песню" і "Пахвалу тварэнню" святога Францішака. Усё перавярнулася ва мне і не супакоілася да таго моманту, пакуль не знайшла гэтыя творы, якія сталі потым маім гімнам. Я люблю Сержука Сокалава-Воюша, які аднойчы вывеў мяне з летургічнага застою.
– Як гэта адбылося?
– Здаецца, у 1985 годзе паехалі мы ў Ракуцёўшчыну і тут выходзіць светлавалосы бард з гітарай. Я не памятала, як ён там спяваў – добра ці дрэнна – але гэта быў наш бард са сваімі змагарскімі вершамі. І, дзіва, у мяне зноў з’явілася натхненне. Люблю, Боргеса, Мілаша, польскіх паэтаў і паэтак і Блока, які быў нават нейкай часткай майго жыцця.
– А першыя вершы нарадзіліся ў гэтым бацькоўскім доме?
– Памятаю, гулялі мы ў "кошкі-мышкі". Я злезла з ложка, учапілася за край лаўкі, і калі мяне спыталі: "Мышка, мышка, дзе была?", адказала: "Акунь-бякунь, кунь, кунь, кунь…". Вядома, гаварыць добра не ўмела, але гэта быў мой першы верш.
…Яна зноў лётае ў сне. Гавораць, над Біскупцамі лётае і апошняя кніжка. Душа ж яе адчынена…
Паводле BulletinOnline.org
Даведка «litbel.org»: Данута Бічэль нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 г. закончыла Гродзенскі педінстытут імя Я. Купалы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Аўтар кніг паэзіі: «Дзявочае сэрца» (1960), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Божа, мой Божа» (1992).
«Бацька» ўсіх беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан прыбывае ў Беларусь. У Менску адбудуцца ўрачыстасьці, прысьвечаныя залатому юбілею ягонай сьвятарскай дзейнасьці.
Заўтра спаўняецца 60 год з дня нараджэння таленавітай беларускай паэткі, “палескай ластаўкі” Яўгеніі Янішчыц.
Літаратурныя навіны і падзеі
Паэзія Сяржука Сыса
Урывак новай аповесці Алеся Рыбака
Вершы Міколы Трафімчука і Адама Шостака
«Дыскурс»: абмеркаванне кнігі Валерыя Казакова «Цень гобліна»
а таксама іншыя кніжныя навінкі
Ніл Гілевіч. Перажыўшы вайну. Аповесьць у абразках памяці. Новыя разьдзелы.
Уладзімір Някляеў. Вяртаньне Веры. Аповесьць.
Генадзь Дзьмітрыеў. Хроніка непрыкаянай душы. Аповесьць.
Сяргей Астравец. Чэшскае піва. Запіскі капітана Кавалёва. Аповед.
Часопіс “Дзеяслоў” абвяшчае конкурс
літаратурна-крытычных твораў на тэму:
“Беларуская літаратура ХХІ стагоддзя:
постаці, тэндэнцыі, персьпектывы”.
Умовы конкурсу надрукаваныя
на апошняй старонцы
гэтага нумару.